ТБМ прыгожа добраўпарадкавала крыніцу ў вёсцы пад Баранавічамі

19.08.2019 16:48

ТБМ прыгожа добраўпарадкавала крыніцу ў вёсцы пад Баранавічамі

Сябры ТБМ 14 жніўня прыехалі ў вёску Рабкавічы і разам з мясцовым старастай Міхасём Руцкім пачысцілі крыніцу і ўсталявалі каля яе кампазіцыю – каменную арку, прыступкі, шыльду, птушак і кветкі з металу.

Дарэчы, перад пачаткам працы сябрамі арганізацыі была праведзена вялікая падрыхтоўчая работа – выкананне эскізу элементаў аздаблення, узгадненне з мясцовымі органамі ўлады, зварот да кіраўніцтва будаўнічых арганізацый з просьбаю выдзеліць каменне для вырабу аркі і прыступкаў, прывозку жвіру і грэйдзер для падсыпкі дарогі, піша на сваёй старонцы ў Facebook сябра ТБМ Мікалай Падгайскі.

Значную частку працы выканаў Алесь Фалей, сябра Саюза мастакоў Беларусі і Міжнароднай акадэміі графікі. Ён стварыў эскіз кампазіцыі і вырабіў аркі, прыступкі, шыльды, упрыгожыўшы іх выкаванымі птушачкамі і кветкамі.

— Да мяне звярнуўся кіраўнік ТБМ Мікалай Падгайскі і прапанаваў узяць удзел у рэканструкцыі крыніцы. Я пагадзіўся і вырашыў зрабіць праект, які б мінімальна парушаў бы прыроду, – распавёў Intex-press мастак. – Мы ўжо выканалі значную частку працы. Яшчэ неабходна паставіць драўляныя парэнчы і акультурыць пустую зямлю каля крыніцы.

Источник