ТБМ павіншавала беларускамоўных вучняў у Баранавічах з пачаткам навучальнага года
Другога верасня падчас першых званкоў у школах горада вучням 1 «Б» класа сярэдняй школы №9 сябры ТБМ уручылі кнігі «Правы чалавека і дзіцяці ў малюнках», размалёўкі, магніты і пісьмовыя прылады ад кампаніі «Будзьма беларусамі».
— У класе толькі пяць вучняў, усе хлопчыкі, і мы вырашылі павіншаваць іх у рыцарскім духу. Замест шпагаў былі алоўкі, – распавяла Intex-press Таццяна Малашчанка, старшыня камісіі па выкарыстанні беларускай мовы, выхаванні і адукацыі Баранавіцкай гарадской арганізацыі ТБМ.
Па яе словах, яна вельмі задаволена, што ў Баранавічах адкрылі яшчэ адзін беларускамоўны клас.
— Хацелася, канечне, каб ен быў на базе чацвёртай гімназіі з двума іншымі беларускамоўнымі класамі. Я лічу, что тады было б больш вучняў і там не былі б адны хлопчыкі. Але, з іншага боку, і гэта добра, таму што граніца беларускамоўных класаў не абмяжоўваецца адной установай адукацыі. Галоўнае, што людзі дамагліся таго, што іх дзеці будуць вучыцца на беларускай мове, і горад зрабіў усё, каб ім у гэтым дапамагчы. У СШ №9 вельмі добрая атмасфера. Нам усё спадабалася — ад пачатку да канца.
У гімназіі вучням 2 «Б» класа сябры ТБМ падарылі асадкі з беларускай сімволікай, кнігу «Правы чалавека і дзіцяці ў малюнках», а таксама магніты з нацыянальным каларытам. У 10 «Г» вучні атрымалі ў якасці падарункаў пласцікавыя бранзалеты з надпісам «Беларусь» і магніты.