Скончыў жыццё самагубствам 18-гадовы сірата, фігурант справы аб масавых беспарадках

26.05.2021 18:16

Скончыў жыццё самагубствам 18-гадовы сірата, фігурант справы аб масавых беспарадках

Вечарам 25 мая ў Мінску скончыў жыццё самагубствам Дзмітрый Стахоўскі, фігурант крымінальнай справы за ўдзел у «масавых беспарадках».

Хлопец пакінуў «УКантакце» допіс, які быў апублікаваны на наступны дзень. Дзмітрый вінаваціць у сваёй смерці Следчы камітэт.

«Дзіма сірата. Жыў адзін. Але ён быў адміністратарам у гульні «Клэш оф кланс», таму меў грошы, — раcказаў «Нашай Ніве» яго сябар. — Ён здымаў кватэру, але пасля завядзення крымінальнай справы яго пасялілі ў інтэрнаце.

Не ведаю, калі на яго завялі крымінальную справу, але, здаецца, што нядаўна. Але ён баяўся, што яго пасадзяць, як і любы чалавек…

Як ён казаў, суіцыд — выхад ад усіх праблем. Казаў, што не хоча за краты, і таму здзейсніць суіцыд. Спачатку мы ставіліся да гэтага з усмешкай, але пасля зразумелі, што смешнага мала. Мы падтрымлівалі яго як маглі».

Сяброўка Дзмітрыя напісала, што раніцай знаёмым хлопца званілі з міліцыі, пыталіся пра трагедыю.

«Калі вы гэта чытаеце, значыць мяне няма ў жывых.

Вінаваты ў гэтым Следчы камітэт. Ужо не сакрэт, што ў мяне быў крымінальны артыкул 293 ч. 2. Калі коратка, за мітынгі. Калі б на мяне не працягвалі маральна ціснуць, думаю, я б не вырашыўся на такі жудасны ўчынак, як суіцыд. Але мае сілы сканчваліся. І як вы можаце бачыць, я не даў рады. Так, мне шмат хто казаў: «Не перажывай, усё будзе добра. Не думай пра кепскае. Дрэнныя думкі прэч». Аднак лёгка казаць, пакуль сам не апынешся ў такім становішчы.

Вельмі моцна шкадую пра тое, што пражыў так мала. А яшчэ некалькі гадоў таму будаваў планы на будучыню, што паеду зноў за мяжу, буду там жыць і працаваць. Але жыццё такое непрадказальнае. Альбо думаеце, ці мог я калі-небудзь падумаць, што буду стаяць перад такім выбарам? Цяжкім выбарам. Таму сказаць, што суіцыд — гэта рашэнне ўсіх праблем, не магу. Не, сябры. Гэта не слушны выбар. Гэта самы сапраўдны жудасны выбар. Жывіце. Жыццё трэба шанаваць. Яно ў вас адно і іншага ў вас ужо дакладна не будзе.

У завяршэнні маёй перадсмяротнай запіскі хачу выказаць велізарную падзяку маім сябрам, знаёмым і проста тым людзям, якія мне сустракаліся на маім кароткім жыцці. А таксама дзякуй тым людзям, якія мне на працягу шмат якіх гадоў дапамагалі. Усе вы неверагодныя, і я заўсёды ўсіх любіў. Любіў дапамагаць і рабіць дабро, каб, ідучы на той свет, пакінуць хоць што-небудзь пасля сябе. Хаця б кавалачак дабрыні.

Будзьце трошкі дабрэйшыя і наогул. Жывіце на пазітыве», — напісаў на развітанне Дзмітрый Стахоўскі.

Источник