«Не ведаюць, як па-беларуску пішацца слова «рэктар». Як выпускніца БарДУ хацела атрымаць выпіску з дыплома на роднай мове

16.04.2020 2:56

«Не ведаюць, як па-беларуску пішацца слова «рэктар». Як выпускніца БарДУ хацела атрымаць выпіску з дыплома на роднай мове

Аліна Нагорная расказала Intex-press, што амаль заўсёды размаўляе на беларускай мове, таму яна захацела атрымаць на роднай мове дадатак да дыплома – выпіску з залікова-экзаменацыйнай ведамасці. Аліна напісала адпаведную заяву ў Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт. Але ў адказ атрымала адмову за подпісам Васіля Качуркі, рэктара БарДУ.

У лісце напісана, што «парадак запаўнення, ўліку і выдачы дакументаў аб адукацыі і дадаткаў да іх зацвярджаюцца Урадам Рэспублікі Беларусь або ўпаўнаважанымі ім органамі». ВНУ спасылаецца на пастанову Міністэрства адукацыі, згодна з якой «дадатак да дыплома аб вышэйшай адукацыі друкуецца на рускай мове». У сувязі з гэтым «не з’яўляецца магчымым выдаць дадатак да дыплома на беларускай мове».

– Калі ў нашай краіне дзве дзяржаўныя мовы: руская і беларуская, то па запыце я маю права атрымаць любы неабходны мне дакумент на беларускай мове, – лічыць Аліна. – Хоць у Беларусі відавочная перавага рускай мовы, я хачу, каб беларускамоўныя і рускамоўныя людзі адчувалі сябе аднолькава камфортна.

У рамках грамадскай ініцыятывы «Умовы для мовы» Аліна займаецца беларусізацыяй розных дакументаў, каб кожны ахвотны мог спакойна атрымаць іх на сваёй роднай мове. Па яе словах, падобную заяву іншыя людзі падавалі ў Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт і там не было ніякіх праблем з атрыманнем беларускамоўнай выпіскі.

– Адміністрацыя Баранавіцкага ўніверсітэта напісала, што гэта немагчыма, спаслаўшыся на нейкае пастанаўленне, якое супярэчыць нашай Канстытуцыі. Акрамя гэтага, у тэксце былі памылкі: напрыклад, рэктар БарДУ не ведае, як па-беларуску пішацца слова «рэктар», – кажа Аліна. – Я разумею, магчыма, ён не сам складаў тэкст для гэтага ліста. Але ж ён павінен разумець, пад чым ставіць свой подпіс.

Аліна вырашыла абскардзіць адмову БарДУ. Яна накіравала зварот у Міністэрства адукацыі, дзе папрасіла: абавязаць супрацоўнікаў Баранавіцкага ўніверсітэта выдаць ёй беларускамоўны дадатак да дыплома; пакараць адказных за падрыхтоўку адказу з памылкамі, а таксама рэктара БарДУ за стварэнне перашкод у карыстанні беларускай мовай; правесці з супрацоўнікамі ВНУ працу па недапушчэнні напісання адказаў ад імя ўніверсітэта з памылкамі.

Акрамя гэтага, у звароце яна просіць абавязаць БарДУ даць ёй новы адказ па сутнасці звароту без граматычных памылак.

Рэктар Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта Васіль Качурка патлумачыў Intex-press, што выпускнікі ВНУ могуць мець на руках толькі адну выпіску. Па яго словах, Аліна Нагорная атрымала дыплом ў 2017 годзе і тады не прасіла выдаць выпіску з залікова-экзаменацыйнай ведамасцю на беларускай мове.

– Обычно мы всегда выдаем выписку из диплома на русском языке, и никаких жалоб по этому поводу к нам не поступало, – гаворыць Васіль Качурка. – Если девушка придет к нам и напишет заявление, вернет выписку на русском языке, то проблем сделать ее на белорусском не будет. Двух выписок на руках у выпускников нашего университета быть не может.

Па словах Васіля Качуркі, адказы на запыты ён складае не сам, «для этого на базе БарГУ есть отдельная служба».

– Там одно слово «ректор» в ответе на письмо Алины Нагорной было написано неправильно, потому что текст переписывался с русского языка, – патлумачыў Васіль Качурка. – Вместе с тем в письме, которое по этому поводу девушка отправила в Министерство образования, была с ошибкой указана моя фамилия. Отучилась шесть лет на заочном и не знает, как правильно пишется фамилия ректора.

Васіль Качурка распавёў, што сам любіць беларускую мову і нават скончыў сярэднюю школу ў Кобрынскім раёне, дзе навучанне вялося цалкам на роднай мове. Паводле яго слоў, з-за таго, што ў краіне дзве дзяржаўныя мовы і большасць людзей размаўляе на рускай мове, «мы подстраиваемся под общество».

Источник