Былы баранавіцкі аператыўнік крымінальнага вышуку: Калі б міліцыянта ўдарылі, ён бы ці адразу ўскочыў, ці прыняў бы абарончую позу

01.06.2020 22:07

Былы баранавіцкі аператыўнік крымінальнага вышуку: Калі б міліцыянта ўдарылі, ён бы ці адразу ўскочыў, ці прыняў бы абарончую позу

Журналіст «Нашай Нівы» Арцём Гарбацэвіч у сваім Тэлеграм-канале запытаў сілавікоў, што яны думаюць пра затрыманне Сяргея Ціханоўскага.

Сілавікі, якія працягваюць служыць, пакуль не выказваюцца публічна. Пад сваім імем гавораць людзі, якія выйшлі ў адстаўку. Сваю ацэнку падзеі даў былы аператыўнік крымінальнага вышуку Вячаслаў Радомскі.

У сістэме МУС ён працаваў з 1999 па 2008 год, частку гэтага перыяду — у крымінальным вышуку Баранавічаў. Радомскі кажа, што звязаны падпіскамі аб неразгалошванні і яшчэ тры гады не можа агучваць усе абставіны сваёй біяграфіі ў органах.

Вось разважанне Радомскага адносна затрымання Ціахноўскага:

«Відавочна, што сітуацыя з затрыманнем была падрыхтаванай акцыяй: правакатары доўга хадзілі за Ціханоўскім і спрабавалі арганізаваць канфлікт, крычалі і хапалі яго за вопратку. Што ён рабіў? Сыходзіў і падкрэсліваў, што гаварыць з імі не хоча, на што жанчыны-правакатаркі паскардзіліся супрацоўнікам міліцыі.

«Чалавек не адказвае на мае пытанні!» — і міліцыянеры бягуць па Сяргея, хапаюць яго за рукі. Гэта цалкам фантастычная рэакцыя міліцыянера на адмову чалавека адказваць на пытанні — паспрабуйце звярнуцца з такім да іншага супрацоўніка, якога вы сустрэнеце на вуліцы.

Далей, калі нават уявіць, што нечыя правы парушаныя і ёсць вінаваты: як участковы так хутка зразумеў, што Ціханоўскі — гэта менавіта той, на каго скардзіцца грамадзянка, што мэтава кінуўся да яго, мінуючы натоўп?

Калі пачалася валтузня, відаць, што Ціханоўскі не чапаў міліцыянераў, а проста сыходзіў у бок, пазбягаючы сутыкнення. Гэтак жа добра на відэа бачна, як два чалавекі (у зялёнай куртцы і чорнай) акуратна укладваюць міліцыянера на зямлю.

Што робіць міліцыянер? Проста ляжыць і нават не спрабуе падняцца!

Псіхалагічны бок: калі б яго перад гэтым ударылі, то ён, лежачы на зямлі, паспрабаваў бы ці адразу ўскочыць, ці прыняць абарончую позу, прыкрыць жыццёва важныя органы. Гэтаму ўсяму вучаць супрацоўнікаў. А фізіялагічна мне таксама цалкам зразумела, што пасля моцнага прапушчанага ўдару ў жывот — нам жа расказваюць пра брушную сценку! — у чалавека ёсць дзве позы: ён не можа разагнуцца і або стаіць на каленях, або скручаны на баку.

А тут гэты ўчастковы спакойна ляжыць, пазіруе на камеру. Напэўна, таму што ён ведаў і ведае, што ніхто яго не біў і біць не будзе, яму не баліць. А далей імгненна з’яўляецца АМАП, імгненна з’яўляецца хуткая дапамога, а затрыманых развозяць па розных аддзяленнях — гэта на 100% спланаваная правакацыя, на якую Сяргей Ціханоўскі не павёўся, таму давялося ляпіць нейкую недарэчнасць з таго, што ёсць.

Каб рэзюмаваць бездаказальнасць абвінавачвання, не трэба нават быць аператыўным супрацоўнікам, тут усё ясна і так. Таму я хацеў бы нагадаць людзям, якія такім займаюцца: хлопцы, памятайце, Лукашэнка сыйдзе, а вы застаняцеся».

Источник