Памёр стваральнік «Буквара», па якому вучыліся пакаленні беларусаў, ураджэнец Баранавіцкага раёну

15.04.2021 1:57

Памёр стваральнік «Буквара», па якому вучыліся пакаленні беларусаў, ураджэнец Баранавіцкага раёну

Аб смерці славутага пісменніка і перакладчыка напісаў у фэйсбуку 14 красавіка літаратар Міхась Скобла.

«Пакінуў гэты свет Анатоль Клышка, па чыім Буквары вучыліся мільёны беларусаў. Той Буквар (найвыдатнейшы!) стаў ці не самай тыражнай беларускай кнігай. У пару майго школьніцтва яго разавы наклад даходзіў да 150 000 асобнікаў.37 гадоў прайшло-прамільгнула, а я і сёння помню і ўсе малюнкі буквароўскія, і ўсе тэксты. «Хвошча, хвошча дождж, воўк схаваўся ў хвошч. Хвост пад хвашчом, а сам пад дажджом»…

Дабрадушны, заўсёды жыццярадасны, па-маладому цікаўны да ўсяго на свеце спадар Анатоль і на дзявятым дзясятку не сядзеў склаўшы рукі. То дасканаліў свой легендарны Буквар (выходзілі новыя перавыданні, іх было больш за 40), то перакладаў з арыгінала Марцыяла (асобным зборнікам выйшаў пару гадоў таму), то даследаваў жыццёвы і творчы шлях свайго ўлюбёнца Валянціна Таўлая (для серыі «Беларускі кнігазбор»). 16 красавіка Анатолю Канстанцінавічу споўнілася б 86… Светлая памяць рупліваму творцу і вялікаму Настаўніку».

Анатоль Клышка нарадзіўся ў вёсцы Данэйкі тагачаснага Навагрудзкага павету (цяпер — Баранавіцкі раён), скончыў Навагрудзкую педагагічную вучэльню, а затым філфак БДУ. Працаваў у рэдакцыях газет і часопісаў у Баранавіцкім раёне.

У 1969 годзе выдаў свой Буквар, які вытрымаў больш за 40 перавыданняў. У 2003-м выдаў ілюстраваны слоўнік па беларускай мове «Чую. Бачу. Гавару». Пераклаў з грэцкай мовы на беларускую «Новы запавет» і ў 2014 годзе выдаў яго поўны тэкст.

Источник

Разделы сайта

Свежие новости