«Бацькі заразіліся каронай ад дачкі». У гамельчука за два тыдні памерлі чацвёра сваякоў

08.07.2020 18:57

«Бацькі заразіліся каронай ад дачкі». У гамельчука за два тыдні памерлі чацвёра сваякоў

Трагічную гісторыю расказаў «Нашай Ніве» гамяльчук Аляксандр. Мужчына за некалькі дзён згубіў ажно чацвярых сваякоў.

«Спачатку захварэла мая стрыечная сястра Марына Шырынкіна. Ёй было 58 гадоў, — узгадвае Аляксандр. — Марына была мастацкім кіраўніком студэнцкага клуба Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны. Калі яна захварэла, то восем дзён праляжала дома, яе не шпіталізавалі. Чаму — дакладна не ведаю. Але пасля яе стан пагоршыўся, Марыну ўсё ж паклалі ў бальніцу. Дыягнаставалі пнеўманію. Паклалі ў інтэнсіўную тэрапію».

У Марыны двое старых бацькоў: Маі Абрамаўне 79 гадоў, Барысу Георгіевічу 84 гады. Жанчына не жыла з бацькамі, але актыўна ім дапамагала, бо ў бацькі даўно быў Альцгеймер, а ў маці ампутаваная нага. Сваякі мяркуюць, што старыя падхапілі «карону» ад дачкі.

«У старых, здавалася, было адносна моцнае здароўе, бо абодва былыя спартоўцы. Мая Абрамаўна працавала 20 гадоў настаўніцай фізкультуры, пасля трэнерам па гімнастыцы. Яе муж таксама раней быў трэнерам, — кажа Аляксандр. — Але ж праз некалькі дзён пасля шпіталізацыі Марыны ў бальніцу забралі і яе бацькоў».

Марыне Шырынкінай лепш не станавілася. Жанчыну перавялі ў рэанімацыю, падключылі да ШВЛ.

«Тэсты на «карону» Марыне і яе бацькам рабілі, вірус быў у ва ўсіх траіх. У Марыны быў дыябет, але ў пасведчанні аб смерці неяк хітра сфармулявалі, што яна памерла ад пнеўманіі, якую ўскладніў каранавірус.

Яе матулі, Маі Абрамаўне, мы пра смерць дачкі не казалі: дактары забаранілі, бо старая на той момант была ў рэанімацыі. Але яна сама адчувала штосьці. Яшчэ калі яе адвозілі ў бальніцу, казала: «Баюся, што Марына памрэ, а я ж нават не змагу яе пахаваць».

Сумны прагноз спраўдзіўся. У ноч на 24 чэрвеня Марына сапраўды памерла. Сваякі пахавалі яе самі.

«Праз тры дні, 27 чэрвеня, памерла і Мая Абрамаўна.

У бальніцы паведамілі, што ў жанчыны было пашкоджана 80% лёгкіх. Маўляў, з такім дыягназам нават не ўсе маладыя выжываюць. Таксама дактары папярэдзілі: у Барыса Георгіевіча шанцаў выжыць амаль няма».

«Родны брат Барыса, Міхаіл Георгіевіч, жыў у Расіі, у Курску. Міхаіл быў гадоў на дзесяць малодшы. Яны абодва гродзенскія габрэі, але пасля лёс іх раскідаў. І мы паведамілі Міхаілу, што памерла Марына і Мая Абрамаўна, а Барыс у бальніцы ў цяжкім стане і амаль без шанцаў… На наступны дзень перазваніў сын Міхаіла, сказаў, што бацька не вытрываў навінаў, у яго інфаркт. А праз пару гадзін перазваніў зноў — Міхаіл Георгіевіч памёр».

Барыс Шырынкін пратрымаўся даўжэй. Ён памёр 6 ліпеня.

«За некалькі дзён з Шырынкіных фактычна засталося два чалавекі: сын Міхаіла, які жыве ў Курску, і яшчэ адзін далёкі сваяк у ЗША», — кажа Аляксандр.

Источник

Разделы сайта

Свежие новости